Установа культуры «Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі»

УК «Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі» заснаваны ў г. Гродна 07.07.1977 г. як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі. Адкрыты для наведвальнікаў 15.01.1985г. З 12.08.2005 г. — сучасная назва. Музей з'яўляецца адзіным у Рэспубліцы Беларусь музеем дадзенага профілю. Задача музея — знаёмства з гісторыяй і культурай народаў, якія жывуць у Беларусі, выхаванне павагі да іх рэлігійных поглядаў, выхаванне культуры талерантнасці да прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і канфесій. У 1992 г. будынкі, у якіх знаходзіўся музей, былі перададзены адноўленаму жаночаму манастыру. Музей атрымаў новы будынак — помнік грамадзянскай архітэктуры — палац XVIII—XIX стст. У 2009—2012 гг. пасля рэстаўрацыі будынка былі пабудаваны новыя экспазіцыі: «Эпоха. Час. Будынак», «Рэлігія і культура ў Беларусі»; працуюць 2 выставачныя залы, канцэртная зала на 90 месцаў. Асноўны фонд музея (01.01.2012 г.) склаў 65 944 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 18 494 адзінкі, якія разам складаюць 14 калекцый. Сярод помнікаў ёсць рарытэты і ўнікальныя творы мастацтва. Акрамя традыцыйных форм працы, экскурсій па экспазіцыі і выставах, лекцый, музейных урокаў і музейных заняткаў, супрацоўнікамі музея распрацавана і рэалізуецца праграма «Музей і дзеці», праграма работы з дзяцьмі-інвалідамі, дзяцьмі-сіротамі, адзінокімі і састарэлымі людзьмі, распрацавана тэматычная экскурсія па культавых будынках г. Гродна «Музыка, якая застыла ў камені», ладзяцца канцэрты духоўнай і класічнай музыкі як у канцэртнай зале, так і на музейным падворку.